Posted on 2008.05.24 at 20:40
Месцазнаходжаньне: Praha
Tags: навука
Людзі! Дзеці зямлі-маткі маёй!
(каму ўжо набіла аскому маё лінгвістычнае буркатаньне - лепш не чытайце. Мне яно ўжо і самой набіла, але што ж зробіш, такая ўжо я буркатуха)
Колькі ж можна! Чытаючы небеларускамоўныя падручнікі па агульнай славістыцы, параўнальнай славістыцы, уводзінах у славістыку і пад., кожны раз напружана чакаю, калі пачнуцца ілюстрацыйныя прыклады з розных славянскіх моў. І асабліва напружана - беларускія. Дзякуй Богу, іх ня так шмат.
Але чаму?!!! Чаму заўсёды, калі беларускі прыклад ёсьць, ён як-небудзь перакручаны, скажоны ці наогул узяты зь іншай мовы?
Сёньня чытала артыкул немалавядомага славацкага лінгвіста Габаўшцяка. Нявінны такі артыкул пра агульнае ў славацкай і паўднёваславянскай лексіцы. У яго беларускіх прыкладаў 17! Для дзесяцістаронкавага тэксту нішто сабе. Але зь іх 7(!) памылковых.
Як такое можа быць? Калі чалавек займаецца лексікай, павінна ж быць у яго нейкае да яе шанаваньне. Можна ж у слоўнік зірнуць... Хіба ж цяжка спраўдзіць, што па-беларуску "крыж", а ня "крэст", "ружа", а ня "рожа" і ня "роза", "кажан", а ня "кожан", "жаба", а не "лягушка"... Як можна выкарыстоўваць для падмацаваньня сваіх цьверджаньняў прыклады, якія ня могуць нічога падмацаваць, бо ў іх артаграфічная ці якая яшчэ іншая памылка?
А яшчэ ў гэтым самым артыкуле (у салідным зборніку) пададзенае новае для мяне расейскае слова "гачи" (у тэксьце транслітэраванае як "gači") у значэньні славацкага і беларускага "chmára/хмара".
Posted on 2008.05.14 at 14:52
Месцазнаходжаньне: Praha
Tags: мова, моўныя адкрыцці, навука
Толькі што, разьбіраючы харвацкія матэматычныя тэрміны, натыкнулася на množenik. Пошукі перакладу навялі мяне на нечаканае адкрыцьцё: у ТСБЛМ ёсьць два словы: множнік і множымае. Не, наадварот, множымае і множнік. Бо множымае - гэта "першы з двух перамнажальных лікаў", а множнік - другі.
Скажыце мне, якая розьніца, першы ён ці другі. Хіба 3х2 ня тое ж самае, што 2х3 ?
П.С. Я хадзіла ў беларускамоўную пачатковую школу, проста або ў мяне памяць дрэнная, або ня ведаю што.
П.П.С. І зацаніце: множЫМАЕ !
Posted on 2008.04.07 at 19:46
Месцазнаходжаньне: Praha
Настрой:
angry
Tags: дзень, навука
Ну гэта хіба па-людзку?! Два дні запар безь пярэдыху пячэш пірагі зубарыш, як апошні зубр, мабілізуеш апэратыўную памяць, каб не перагружаць лухтой доўгачасовую, настройваешся: сёньня здам, заўтра можна забываць... а ён узяў і не прыйшоў на ўласныя кансультацыі. А гэта павінен быў быць мой апошні іспыт. Ёёёпрст.
Posted on 2006.11.01 at 14:37
Месцазнаходжаньне: Praha
Настрой:
ок
Tags: гісторыі, навука, уражанні
Учора здавала залік.
Я думала, што гэта за такі заклапочаны (неадэкватны закамплексаваны, незадаволены) выкладчык (і зычыла яму шчасьця ва ўсякім жыцьці, каб яго папусьціла). Думала я гэтак таму, што на залік ён даў мне тры пытаньні, паперу, 20 хвілін падрыхтавацца, і пры гэтым трымаўся як на госах.
А ён, нябожа, проста думаў, што гэта іспыт. Наўрад ці ён ад гэтага становіцца больш адэкватным, але ў такім выпадку можна хоць сякое-такое тлумачэньне ягонай неадэкватнасьці знайсьці.
Ён зразумеў усё, калі зазірнуў у маю залікоўку: Дык вам жа залік быў патрэбны!!!
Ён так разгубіўся. Мне зноў стала яго шкада (мне неяк часта бывае яго шкада :)) У яго, напэўна, было адчуваньне, што ён мне застаўся нешта павінен. Можа, трэба было грошай папрасіць? Ці грэйпфрутавага соку?
Posted on 2006.05.29 at 18:52
Настрой: wow
Tags: навука, уражанні
Сёньня, ідучы здаваць адзін нудны прадмет, зразумела, што я ня толькі перастала баяцца іспытаў (што само па сабе ёсьць нахабства, канешне).
Здаваньне іспытаў пачало прыносіць мне нейкае дзіўнае задавальненьне. Прычым цікава, што зусім не мазахісцкае.
Прыемна адчуць хаця б перад іспытам, што ў галаве ёсьць штосьці на тую тэму, па якой будуць экзамінаваць, а потым яшчэ сканцэнтраваць гэтае штосьці і зрабіць інтэрактыўным. У тым сеньсе, што клікнеш у мазгах на "Дрымкалска-голабрдскія гаворкі македонскай мовы", а паралельна вылезе спасылка на "Разьвіцьцё рэдукаваных вакалаў".
Ну гэта ў лепшым выпадку, канешне :))
Але ўсё роўна прыемна.
Нарэшце зьявілася адчуваньне, што мне ёсьць пра што з выкладчыкам пабалакаць...
Толькі дзе гэта было, калі мы на першым курсе трэсьліся перад беларусазнаўствам? :))
Posted on 2006.05.24 at 20:21
Настрой:
happy
Tags: навука
Ну ўсё, здадзена! Нават не ганебна :) Аказваецца, я ўсё ж такі нешта ведаю. Нявыясненым пытаннем застаецца сэнс гэтага іспыту, за які нармальныя людзі атрымліваюць бакалаўрскі дыплём, а я толькі ганаровую магчымасць нібыта вучыцца да дзяржіспытаў.
Цяпер буду рабіць усё, што камусьці і сабе паабяцала. А яшчэ буду рыхтавацца да дробных іспытаў па jeziku i jазикот. Цяпер прыязджайце ўсе (можаце ўсе разам).
Posted on 2005.11.30 at 22:53
Настрой:
роспачны
Tags: навука, пра сябе
Вось сядзела я сёння на факультатыве "Македонія на Балканах" і слухала пра Івана Асэна І і сына яго Калемана, пра Эпірскае царства, пра Сцяпана Душана і Бізантыю. Сядзела і думала, ну за што мне дадзеная такая тупасьць ва ўсім, што тычыцца гісторыі і геаграфіі (а займаліся мы там менавіта гэтым - сярэднявечным дзеляжом Македоніі паміж рознымі царствамі і імпэрыямі)? Два тыдні таму праходзілі заснаванне Бізантыйскай імпэрыі. Сёння я не памятаю ня тое што акалічнасці гэтага здарэння і яго сувязь з распадам Другога Баўгарскага царства, бясспрэчна, ключавых ў сярэднявечнай македонскай гісторыі момантах, але нават год, калі гэтая імпэрыя стала быць.
Сорамна.
Але ж і зрабіць нічога не магу. Вось вывучу даты, а праз тыдзень забудуся. І зноў сяджу як даўбня. Не, я не дурная, у мяне проста мазгоў мала. І як патлумачыць выкладчыку-экзаменатару, што гэта не адно і тое ж?
Posted on 2005.11.05 at 12:31
Настрой:
маньячны
Tags: навука, пра сябе
Праглядала сёння старонкі ОЗОН.РУ, і столькі ўсяго адразу захацелася: мова зулу, мова урду, мова дары, хантыйская, бурацкая... Добра, што ў мяне месца няма на ўсе гэтыя кніжкі:) Але на македонскую граматыку ўсё ж хапіла б...
Posted on 2005.06.05 at 23:37
Настрой:
рэлакснуты
Tags: навука
Абараняючы дыплом, я даведалася шмат новага, хаця, здаецца, такое звычайна не здараецца на абаронах.
- Сунуцца ў пытанні моўнай нормы - не мая справа (амаль цытата).
- У беларускай мове няма слова "расейскі" і "стацца", "уважаць (на)" і, напэўна, яшчэ мноства прыемных словаў.
- Студэнт не павінен спрачацца, калі не хоча, каб на яго крычалі.
- Людзі ў бальшыні сваёй цудоўныя (гэта не адкрыццё таго дня).
( як усё было, можна даведацца тут. доўга, але праўдзіва )
Posted on 2005.05.27 at 13:19
Tags: навука, уражанні
Вы заўважалі, што ў нашай краіне чалавек, які мае ўладу, вельмі часта ёй злоўжывае? Ад вахцёраў у інтэрнатах да ...
Учора спадарыня, якая рэцэнзуе мой дыплом, выразна прадэманстравала мне, што мой нікчэмны лёс цалкам залежыць ад яе (ня важна, што гэта няпраўда) і што яна можа сказаць мне, што я даўбня нават не таму што гэта праўда, а таму што ў яе ёсць такая магчымасць. Брыдка, калі цябе ставяць у такія ўмовы, што ты не можаш выказаць усё ў вочы.
Мама нечакана абагульніла і сказала, што тут усе паводзяць сябе як ППРБ: агрэсіўна і напышліва дэманструюць сваю ўладу, калі яна ў іх ёсць. Мне ніколі не прыходзіла да галавы, што гэта так пераймаецца.
А Мар'ян мудра запраблеміў: што раней - курыца ці яйка?
Крыўдна.
Posted on 2005.05.27 at 13:00
Настрой:
relaxed
Цяпер грае: Caetano Veloso - Sorte
Tags: навука, пра сябе
Здала дыплом.
Ня хочацца:
да яго вяртацца (а прыйдзецца)
рыхтавацца да абароны
чытаць навуковыя артыкулы
ісці на факультэт
Хочацца:
купіць кеды
гуляць з сабакам
чытаць добрую кніжку
грэйпфрутавага соку
купацца
слухаць боса-нову, заплюшчыўшы вочы
Я ўсё гэта цяпер магу. А пасля абароны змагу і пункт "не хочацца" :))))
Posted on 2005.04.09 at 23:01
Настрой:
усеагульны абсурд
Tags: гісторыі, навука
Днямі ў маім жыцці здарылася размеркаванне. На папярэднім усё здавалася гульнёй, і я адчувала сябе шчаслівай уладальніцай паперак, якія вызваляюць ад далейшага кампасціравання мазгоў. Але тут усё было па-даросламу. Пачынаючы з таго, што сабралі нас усіх, разам з русістамі, пад кабінетам. Відаць, каб разам мы там пабаяліся. Вось стаіш ты пад дзвярыма, а за імі сядзяць савецкага выгляду і манер жэншчынкі і вырашаюць лёс тваіх аднакурснікаў. А я глядзела на людзей і наіўна думала, што ў мяне ёсць чароўная няруская паперка. Паглядзелі яны на маю паперку і сказалі: ну і што вы хочаце? ...... (выкідаю дыялог, асноўнай мэтай якога было прадэманстраваць мне, што я букашка нават з бумажкай). на развітанне мне сказалі пагрозлівым тонам шукаць сабе працу, далі на гэта 2 тыдні, а адна сердабольная цётачка з ліку гэтых жэншчын падказала, што знайсці яе я змагу ў цэнтры пазашкольнай работы "Золак", які якраз у маім раёне. Мне трэба толькі прыйсці туды, знайсці нейкую Ірыну ....аўну і папрасіцца ў яе весці які-небудзь гурток. Мне прыйшлося стрымлівацца. А С. не стрымалася і сказала: пасылайце мяне куды хочаце, я ўсё роўна туды не паеду! (дзевачка выходзіць замуж за замежніка) :) гэта было супер!
Цікава тое, што працы няма, яны нікуды не размяркоўваюць, а ціснуць на цябе, каб ты шукаў сабе працу, куды потым і пашлюць. Мне сказалі, што я не магу нікуды з'ехаць, бо павінна адпрацаваць краіне грошы.
Атрымліваецца, дзяржава дае нам спецыяльнасць, з якой потым няма шанцу ўладкавацца, з разлікам на тое, што мы нейкім чынам вернем ёй грошы. А пасля прымушае нас саміх шукаць сабе працу, якой няма. На волю пры гэтым не адпускаюць нікога, акрамя цяжарных і да т.п. Абсурд. Калі ўжо нельга змяніць адукацыю, застаецца толькі адно: змяніць дзяржаву. Не, не зусім, на пару гадкоў.
Цікава, чым гэта скончыцца.
Posted on 2005.03.23 at 00:08
Настрой:
расчараваны
Цяпер грае: Kazi zasto me ostavi
Tags: навука
канешне, ўсё будзе проста, калі ты можаш хацець і кахаць выключна адначасова і ў адным слове. мова ж -- душа народа, як той казаў.
кажуць, у італьянцаў усё так хутка і лёгка (хутка-смачна :) ), бо сказаць ti amo куды хутчэй, чым, напрыклад я ця-бе ка-ха-ю. А калі спачатку трэба разабрацца, "кахаю" ці "люблю", дык ужо позна і казаць.
Во дык не пашэнціла з душой!
Posted on 2005.03.22 at 14:23
Настрой:
здзіўлены
Цяпер грае: Zемфира - Друг
Tags: моўныя адкрыцці, навука, уражанні
хм, па-македонску "сака" значыць адначасова "хацець" і "любіць/кахаць(?)". Мне заўсёды здавалася, што ў іх на Балканах усё з гэтым "саканнем" куды прасцей.
хм, а "льуби" па-македонску значыць адначасова "кахаць" і "цалаваць". І абыходзяцца людзі, не скардзяцца! Хіба проста не каментуюць?